Прадалі хату палітвязьня Дземідовіча
Жылы дом у вёсцы Пагарэльцы Нясьвіскага раёну прадалі на аўкцыёне з чацьвёртай спробы, заўважыла «Люстэрка».
Уладальнікам дома пазначаны Васіль Іванавіч Дземідовіч — у Беларусі ёсьць такі палітвязень зь Нясьвіжу, унесены ў «тэрарыстычны сьпіс» КДБ. Васіля Дземідовіча ня раз судзілі за «абразу ўлады» і «арганізацыю масавых беспарадкаў».
Дом перш спрабавалі прадаць за 15 700 рублёў, але пакупнікоў не было. На чацьвёртым аўкцыёне стартавая цана была 6280 рублёў, але два ўдзельнікі ў выніку паднялі цану да больш як 10 тысяч.
Таргі ішлі 26 чэрвеня ад 9-й раніцы да амаль 23-й гадзіны.
- Агульны тэрмін пакараньня Васіля Дземідовіча ня меншы за 7 гадоў.
- Васіль Дземідовіч мусіць сплаціць «маральную шкоду» на 32 тысячы рублёў і штрафы.
- Паволе праваабаронцаў «Вясны», Васіля Дземідовіча судзілі ўжо 9 разоў.
- 73-гадоваму пэнсіянэру дзеля прысутнасьці на судах, якія праводзяцца ў розных рэгіёнах Беларусі, даводзіцца праходзіць празь цяжкія і працяглыя працэдуры этапаваньня.
- Яны суправаджаюцца шматлікімі ператрусамі, знаходжаньнем у транзытных камэрах сьледчых ізалятараў і ізалятараў часовага ўтрыманьня.
- З маёмасьці палітвязень фактычна можа мець толькі тое, што можа несьці з сабой у руках, закутых у кайданкі.
Максім Урбановіч вырашыў не абскарджваць вырак
Выданьне «Позірк» паведаміла, што Максім Урбановіч, брат беларускага добраахвотніка з палка Каліноўскага Дзяніса Урбановіча, вырашыў не абскарджваць прысуд і чакае этапу ў калёнію.
27 чэрвеня суд Заводзкага раёна Менска за адзін дзень разгледзеў крымінальную справу паводле арт. 342 КК (арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, або актыўны ўдзел у іх) і вынес вырак аб пазбаўленьні яго волі на 1,5 года. Яму таксама прызначылі прымусовае лячэньне ад алькагалізму.
Урбановіча, імаверна, этапуюць у калёнію на наступным тыдні, але ў якую — пакуль невядома.
2 красавіка ў кватэру, што арандаваў Максім Урбановіч, уварваліся сілавікі. Пасьля ператрусу яго адвезьлі на допыт у КДБ. Спачатку Максіма трымалі ў СІЗА КДБ, а потым перавезьлі ў СІЗА № 1, што ў Калядзічах.
Паўторна арыштавалі экс-палітвязьня, які выйшаў на волю год таму
Новае абвінавачваньне — абраза Лукашэнкі.
Стала вядома пра паўторнае затрыманьне блогера Івана Марозава. Як вынікае з інфармацыі Dissidentby.com, яно адбылося ў чэрвені 2025 году, — заўважыла «Наша Ніва».
Цяпер Марозава абвінавачваюць у абразе Аляксандра Лукашэнкі — артыкул 368 Крымінальнага кодэксу. Яму пагражае да 5 гадоў калёніі.
Івану Марозаву 42 гады. Ён юрыст па адукацыі, працаваў у IT-сфэры.
Упершыню яго арыштавалі ў студзені 2023 году і асудзілі на паўтара году зьняволеньня за ўдзел у пратэстах. Ён адбываў пакараньне ў шклоўскай калёніі, адкуль выйшаў на волю 17 красавіка 2024 году.
Форум