Саміт BRICS у выніковай дэклярацыі згадаў вайну ва Ўкраіне, але асудзіў толькі напады на расейскія цывільныя аб’екты

Саміт краін BRICS, Рыё-дэ-Жанэйра, Бразылія, 6 ліпеня 2025 году

Беларусь зьяўляецца «стратэгічным партнэрам» групы BRICS.

У 31-старонкавай дэклярацыі саміту BRICS у Рыё-дэ-Жанэйра Ўкраіна згадваецца толькі адзін раз, пры гэтым «найбольш рашуча» асуджаюцца нядаўнія напады на Расею.

Удзельнікі саміту BRICS у Рыё-дэ-Жанэйра ў выніковай дэклярацыі выказалі надзею на мірнае пагадненьне ў вайне паміж Расеяй і Ўкраінай дзякуючы актуальным дыпляматычным намаганьням.

Акрамя таго, краіны BRICS асудзілі ўдары нібыта Ўзброеных сілаў Украіны па чыгуначнай інфраструктуры ў Расеі.

«Мы самым рашучым чынам асуджаем напады на масты і чыгуначную інфраструктуру, наўмысна накіраваныя супраць мірных жыхароў у Бранскай, Курскай і Варонескай вобласьцях Расейскай Фэдэрацыі 31 траўня, 1 і 5 чэрвеня 2025 году, у выніку чаго загінулі некалькі мірных жыхароў, у тым ліку дзеці», — гаворыцца ў дакумэнце.

За гэтыя ўдары Кіеў ня ўзяў адказнасьці, і доказаў, што расейскія чыгуначныя абʼекты былі зьнішчаныя Ўкраінай, на сёньня няма.

Маштабныя штодзённыя расейскія напады на мірныя абʼекты Ўкраіны, у выніку якіх гінуць людзі, у дакумэнце не згадалі.

Удзельнікі саміту таксама асудзілі ўдары па ядзерных абʼектах Ірану, назваўшы іх парушэньнем міжнароднага права.

Лідэры дзяржаваў заклікалі да неадкладнага і безумоўнага спыненьня агню ў Газе і выказаліся за абʼяднаньне сэктару Газа і Заходняга берагу Ярдану ў адзіную палестынскую дзяржаву пад кантролем Палестынскай нацыянальнай адміністрацыі.

Акрамя таго, лідэры BRICS асудзілі пагрозу, якая ідзе ад замежных тэрарыстычных групаў у Сырыі, і папярэдзілі аб рызыцы іх распаўсюджваньня ў рэгіёне.

У дэклярацыі зьмяшчаецца заклік да Ізраіля неадкладна вывесьці войскі з сырыйскай тэрыторыі.

Беларусь на саміце прадстаўляе кіраўнік МЗС

Як паведаміла дзяржаўнае агенцтва БЕЛТА, міністар замежных справаў Беларусі Максім Рыжанкоў выступіў на сэсіі саміту, прысьвечанай умацаваньню шматбаковай супрацы, фінансава-эканамічным дачыненьням і штучнаму інтэлекту.

«Сёньня, калі састарэлыя аднапалярныя мэханізмы дэманструюць сваю неэфэктыўнасьць і палітызаванасьць, становіцца крытычна важнай роля BRICS як апоры шматпалярнага сьвету, як падмурку і неад’емнай часткі справядлівага ўладкаваньня сьвету»,— сказаў Максім Рыжанкоў.

Паводле Рыжанкова, ва ўмовах глябальнай эканамічнай турбулентнасьці і рызыкаў фрагмэнтацыі міжнароднай фінансавай сыстэмы краіны BRICS дэманструюць «гістарычную рашучасьць у стварэньні незалежных мэханізмаў эканамічнага ўзаемадзеяньня».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Трамп прыгразіў краінам BRICS, куды імкнецца Беларусь, за спробу прыдумаць замену даляру ў гандлі

ЗША пагражаюць новымі тарыфамі для краін BRICS

Агенцтва Reuters паведаміла, што прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп заявіў аб намеры ўвесьці дадатковыя тарыфы ў 10 адсоткаў для краін, які далучаюцца да «антыамэрыканскай палітыкі» групы краін BRICS.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Улады Беларусі спадзяюцца на ўступленьне ў БРІКС у кастрычніку

Што такое BRICS

Блёк быў заснаваны Бразыліяй, Расеяй, Індыяй, Кітаем і Паўднёвай Афрыкай (ангельская абрэвіятура BRICS ад назваў гэтых дзяржаваў), а летась у яго ўвайшлі Інданэзія, Іран, Эгіпет, Этыёпія і Абʼяднаныя Арабскія Эміраты.

Яшчэ ёсьць 10 краін — стратэгічных партнэраў, гэтая катэгорыя зацьверджана на леташнім саміце. Сярод іх Беларусь, Куба, Віетнам.

Большасьць дзяржаваў BRICS займаюць стрыманую пазыцыю стасоўна Масквы і ня ўводзілі санкцыяў супрацьРасеі пасьля яе нападу на Ўкраіну.

Расею на саміце ў Рыё-дэ-Жанэйра аказвае кіраўнік яе МЗС Сяргей Лаўроў. Уладзімір Пуцін удзельнічаў у форуме празь відэасувязь.

На Пуціна выдаў ордэр Міжнародны крымінальны суд (МКС), яго абвінавачваюць у незаконным вывазе ўкраінскіх дзяцей на непадкантрольныя Кіеву тэрыторыі.

Бразылія ратыфікавала Рымскі статут і прызнае рашэньні МКС. Гэта азначае, што краіна павінна арыштаваць абвінавачанага, калі ён апынецца на яе тэрыторыі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Першы візыт Рыжанкова ў Маскву як міністра: крытыкуе Ўкраіну, абвінавачвае краіны Балтыі, хваліць Расею і Кітай