«Табе канец!». Ліст да менскага сябра пра беларускае адзінства

Сяргей Ціханоўскі на мітынгу ў Варшаве, 26 чэрвеня 2025

Чым жывуць, пра што думаюць, чым пераймаюцца і на што спадзяюцца беларусы ў вымушанай эміграцыі. Пра гэта ў новым лісьце да свайго менскага сябра піша Сяргей Дубавец.

Вітаю, дружа!

Лета сапраўды халаднаватае. Але тут, у Вільні, мяне замілоўваюць прагнозы надвор’я, калі кажуць, што першы дзень месяца будзе сьпякотны, а пасьля ўсталюецца «звычайнае літоўскае лета». Гэта значыць, будзе не халодна і ня горача, а — па-нашаму, па-свойску, як і мусіць быць, і ад гэтага цяплей робіцца на душы. Спрабую ўзгадаць, ці казалі так у нас у Беларусі: «звычайнае беларускае лета», але не магу. Хоць, можа быць, гэта мая памяць хібіць, ці мне проста хочацца, каб і ў нас гучала такая фраза.

***

Ты пішаш, што ўражаны, як у эміграцыі рэагуюць на зьяўленьне Сяргея Ціханоўскага. Маўляў, найгучней чуваць галасы, што ён чужы, вораг, маўляў, хутка яго ня будзе, гэта канец яго палітычнай кар’еры. А пры тым, чамусьці, гэта і канец кар’еры ягонай жонкі і яе Офісу... І што зь Менску такое бачыцца як фрустрацыя. У Менску хіба што правіцель кажа пра «вонючую оппозицию», а тут і эміграцыя паддае: «балаган»! «Табе канец!»

Увогуле дзіўлюся таму, як нашы замежныя «радыкалы» злучаюцца з Лукашэнкам. Той пратрымаў чалавека пяць гадоў у поўнай ізаляцыі, выкінуў яго за мяжу, а тут яму ў лоб: «Табе канец!»

Заявы, вядома, зларадныя. У адным струмяні з прапагандай. Такое сабе «наша беларускае надвор’е», тое, што і высьмеянае ўжо адвеку, яшчэ Янкам Купалам, які ў 1910 годзе саркастычна пісаў:

Гэй, капайце, далакопы,
Яміну-магілу,—
А шырока, а глыбока,
Колькі хваціць сілы.

Так капайце днём і ночай,
Помачу склікайце,—
Бо ў тым доле хаваць будзем,
Беларусь хаваці.

Тут важна разумець, што гэтыя галасы ўсё ж асобныя і прыватныя. А крык заўсёды гучнейшы за развагу, спагаду ці падтрымку. Але галоўнае, што гэтыя абрáзы — ня крытыка, а тое, што імкнецца разбурыць беларускае адзінства ці хоць бы суіснаваньне. У эміграцыі адзінства атакуюць ад бясьсільля, ад немагчымасьці вярнуцца, ад няведаньня і бясплённасьці, ад браку думак. У гэтым сэнсе ў вас у Беларусі прасьцей — наезды адбываюцца з аднаго, антыбеларускага боку. А ў нас такі «бок» выйшаў як бы «зь сябе». Ціханоўскаму закідаюць, што ён у турме не вучыў беларускую мову. Як у тым габрэйскім анэкдоце: «Прасьціце, гэта вы ўчора ўратавалі на пажары габрэйскага хлопчыка? А ці ня бачылі вы там яго шапачку?»

Напэўна, у турме на рэжыме поўнай ізаляцыі — самае месца падцягнуць беларушчыну. І ўсе вертухаі гатовыя ў гэтым паспрыяць...

А як інакш, калі рэжымная палітыка ў Беларусі сёньня «супадае з нацыянальнымі інтарэсамі». То бок з інтарэсамі нацыі. Так я і не даўмеўся, у чым жа тады нашы нацыянальныя інтарэсы ў часы татальнае русыфікацыі і зьнішчэньня беларускай школы.

***

Але самая падступная штука ня ў тым, што Ціханоўскаму прарочаць канец, а ў тым, што ягоны выхад з турмы стаў «нагодай» прарочыць канец ягонай жонцы і яе Офісу. Якая тут сувязь, зразумець немагчыма, калі хтосьці размахаўся аглобляй.

Ты памятаеш, як мы галасавалі ў 2020-м за Ціханоўскую. Тады было адчуваньне, што за яе ў вялізных чэргах галасуюць усе. І мы разумелі, што галасуем найперш супраць «Сашы 3%». Тым ня менш мы галасавалі за Сьвятлану. І нам пашанцавала быць пасьлядоўнымі, бо ніхто іншы не выклікаў такога даверу, як яна. І ніхто ўрэшце не дасягнуў такога плёну ў міжнародных справах, як Офіс. Да 2020 году мала хто ведаў, што ў сьвеце ёсьць здаровае зерне з назваю Беларусь. Сёньня ведаюць усе. І Офіс — стабільнае рабочае прадстаўніцтва дэмакратычнай Беларусі за мяжой, тое, што працуе ў палітыцы не дзеля «засьвяціцца», а дзеля справы. Вось уяўлю сабе, каб Офісу раптам ня стала, проста нічога ня стане — ні для мяне, ні для нас, ні для сьвету ад нас. Адныя сваркі застануцца. Офіс жа ні з кім ня сварыцца, ён па-над гэтай мітусьнёй, таму і становіць сабой беларускае адзінства.

Думаю, што сіла Офісу ў тым, што ён — за ўсіх беларусаў, у тым ліку і тых, якія прарочаць яму «канцы». Бо рэальнай крытыкі яго дзейнасьці асабіста я ня бачыў, а на нічым не абгрунтаваныя закіды ці абразы рэагаваць ня варта. У гэтым сэнсе з асобаю Ціханоўскай нам па-чалавечы пашанцавала. Офіс стаў паважанай установай за мяжой, ніколі нікога не абразіў і ня зганьбіў, не займаецца пустой гаварыльняй, а вядомы і ўдзельнічае ў міжнародных справах на самым высокім узроўні, заслугоўвае з нашага боку ўсялякага ўхваленьня і падтрыманьня. Альтэрнатывы яму, чагосьці, што зьявіцца на месцы пустых размоваў, я не ўяўляю.

Разумею, што ў нейкіх колах кансьпіралёгія толькі расьце. Яе пік — нельга нікому верыць (акрамя нямоглых), а значыць, кожнага належыць зьнішчыць. Такое сабе motto. Варта б зьвярнуць увагу на адваротнае — каму я магу давяраць. Кажуць, пакуль не прыйшоў час добрых рашэньняў, трэба захаваць сябе (як нацыю) для гэтага часу. Інакш рана ці позна такі час прыйдзе, але дзейнічаць у ім ня будзе каму.

Амбіцыі разбураюць нацыянальне адзінства, калі амбіцыі большыя за адчуваньне прыналежнасьці да сваёй нацыі — асабліва за мяжой, дзе ты перастаеш разумець, дзе свае, а дзе чужыя, а жаданьне «сказануць» большае за тваю забытую ці згубленую нацыянальную пупавіну. Як па мне, дык пупавіну трэба адчуваць, нават калі ты нічога ня кажаш, а толькі адчуваеш гэтую повязь, калі захоўваеш яе, калі ў яе зьяўляецца працяг.

***

Вось літовец, якога ў Літве пасадзілі за шпіянаж на карысьць Беларусі, папрасіў у сваіх уладаў, каб абмянялі яго на якога-небудзь літоўца, які сядзіць у турме ў Беларусі. І нічога дзіўнага тут няма. Першаму будзе больш камфортна існаваць у Беларусі, а другому ў Літве. Усё іншае тут — іншае. Галоўнае, як ні парадаксальна, захоўваць нацыянальнае адзінства. Хто б і які б ён ні быў.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Свабода не каштуе таго, каб яе давалі гвалтам». Ліст Сяргея Дубаўца да менскага сябра пра вызваленьне палітвязьняў«З асаблівым цынізмам». Ліст Сяргея Дубаўца да менскага сябра пра шчасьлівае жыцьцё«Месца эвакуацыйнага збору». Ліст Сяргея Дубаўца да менскага сябра пра чалавечную будучыню БеларусіКаго ўсе баяцца? Ліст Сяргея Дубаўца да менскага сябра пра «адзін народ»«Нам кажуць, што мы як бы і ня нацыя». Ліст Сяргея Дубаўца да менскага сябра пра каляндарную пастку«Закрый гэты твар белай прасьцінай...» Ліст да менскага сябра пра вяртаньне«Ніхто не зрабіў большае шкоды для Беларусі, чым ён»? Ліст да менскага сябра пра Станіслава Шушкевіча