Сьцісла
- І ў 2020-м, і цяпер Ціханоўскі факусаваўся на простых людзях, а не на колах, да якіх пераважна належаць яго цяперашнія крытыкі.
- Фрустрацыя Ціханоўскага ад млявага збору сродкаў для ўдару па рэжыме — скаргі гандляра надзеяй на тое, што яго тавар не купляюць.
- Калі Ціханоўскі-палітык пацярпіць паразу ў змаганьні, заплаціць за гэта давядзецца не яму аднаму.
Пэўна, вы ўжо прачыталі грунтоўныя і ўсебаковыя аналізы з высновай, што Сяргей Ціханоўскі памыляецца шмат у чым. І з тлумачэньнямі, чаму — і таму, што ў пэўным сэнсе ён застаўся ў 2020 годзе, і таму, што пекла, у якім ён правёў апошнія пяць гадоў, не магло не адбіцца на яго псыхіцы.
Але можа быць і так, што былы палітзьняволены ні ў чым не памыляецца. Гэта таксама не азначае, што ён усё робіць правільна. Ён шукае.
І тут прыгадваецца аналёгія. Колькі мы чулі ад многіх кампэтэнтных экспэртаў пра памылкі Лукашэнкі? Вельмі шмат. І гадамі. І ўва ўсіх сфэрах. А ён працягвае кіраваць Беларусьсю ўжо 32-гі год. Дык альбо тыя памылкі, вызначаныя шаноўнымі калегамі, насамрэч памылкамі не былі, альбо прынамсі не перашкаджалі канчатковым палітычным посьпехам.
Дык і зь Ціханоўскім можа быць тое самае. І тут варта адзначыць яшчэ важны сацыяльна-псыхалягічны чыньнік. Ці многія з тых, хто зараз знаходзіць безьліч памылак у першых кроках Ціханоўскага пасьля вызваленьня, пяць гадоў таму захапляліся тым, што ён тады казаў? А нямногія.
Не, тое, што яго папулярнасьць тады расла шалёнымі тэмпамі, прызнавалі многія, калі ня ўсе. Але каб лічыць яго сваім кумірам, выразьнікам сваіх інтарэсаў... Ён і тады вельмі выразна канцэнтраваўся на сваёй мэтавай аўдыторыі. Ужо як яе называць — простым людам ці глыбінным народам — справа тэрміналёгіі. Але арыентаваўся ён менавіта на гэтых людзей.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ці магчымы «ўдар па лукашызьме», які абяцае Ціханоўскі. Дыскусія Вусава і ЛябедзькіА «нямэтавая аўдыторыя», агулам кажучы, магла і не разумець, як гэта працуе і на каго скіравана. Прыкладна як шмат для каго незразумелай была перамога Лукашэнкі ў 1994 годзе.
Дык, можа, і цяпер паўтараецца тое самае? Сяргей Ціханоўскі і зараз разьлічвае не на разумнікаў, якія думаюць, што ўсё можна пралічыць. Тут ёсьць пытаньне, што здарылася з мэтавай аўдыторыяй Ціханоўскага з 2020 году — якая частка яе эмігравала, якая — страціла веру ў магчымасьць пераменаў, якая захавала вернасьць свайму колішняму куміру? А вось гэта і спрабуе высьветліць цяпер Ціханоўскі сваімі рэзкімі ініцыятывамі.
Ціханоўскі і зараз разьлічвае не на разумнікаў, якія думаюць, што ўсё можна пралічыць
Тое, што падтрымка ініцыятываў Ціханоўскага людзьмі ў Беларусі можа каштаваць ім вельмі дорага, гледзячы па ўсім, ня ёсьць для яго рашэньняў і плянаў вызначальным чыньнікам. Апазыцыйная палітычная дзейнасьць у аўтарытарнай дзяржаве, спробы «зламаць рэжым» — справа рызыкоўная паводле вызначэньня. Зараз у параўнаньні з 2020-м гэтыя рызыкі вырасьлі шматкроць. Але Ціханоўскі заклікаў людзей ісьці за сабой 5 гадоў таму, заклікае і цяпер.
Калі ён, насуперак рацыянальным разьлікам, атрымае посьпех, калі яго вяртаньне стане каталізатарам новага грамадзкага ўздыму — хто прыгадае тады цяперашніх яго крытыкаў?
Аднак не прыгадае толькі ў такім выпадку. А з посьпехам пакуль невідавочна. Сяргей — чалавек з надзвычай моцнай верай у сябе. Ён сам задаў умовы, рамкі тэсту: за тры тыдні абяцаў моцны ўдар па рэжыме і вызначыў суму данатаў, патрэбных на гэта, — 200 тысячаў эўра.
А неўзабаве папікнуў беларусаў тым, што кепска ахвяруюць, толькі тысячай падтрымалі.
Потым працягнуў тэму ў інтэрвію Мікіту Мелказёраву. Мікіта грубавата спытаў, ці не баіцца Сяргей «абаср...цца». На што палітык адказаў, што не, маўляў, калі народ не скарыстаецца магчымасьцю, якую яму дае Ціханоўскі, дык тым горш для народу. Але такая сытуацыя апісваецца менавіта тым недалікатным паняцьцем, якое ўжыў Мелказёраў.
Палітык — гандляр надзеяй. Калі гэты ці усякі іншы, менш экзатычны, тавар спажывец не купляе, то гэта характарыстыка гандляра і тавару, а не пакупнікоў. І лаяць пакупнікоў за няздольнасьць ацаніць цудоўныя якасьці тавару лічыцца ня лепшай рэклямнай стратэгіяй.
Хоць з правілаў бываюць і выключэньні. І сапраўдная вера, у тым ліку і вера ў сябе, можа зрушыць горы. Але калі горы застаюцца нерухомымі, то да веры ўзьнікаюць пытаньні.
Калі, у прыватнасьці, беларусы засаромеюцца сваёй недасканаласьці і хутка зьбяруць запатрабаваныя 200 тысячаў эўра — рызыка выявіцца апраўданай. Прынамсі рызыка абвяшчэньня сумы і папрокаў за млявы яе збор. Калі ж не...
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Перамовы з ЗША, ядзерная зброя, палітвязьні. Чаму Лукашэнка так шмат апраўдваецца?Калі Лукашэнка выпускаў Ціханоўскага, гаварылася, што адной з мэтаў было паглыбіць звады ў апазыцыі. Гэты разьлік ня спраўдзіўся, прынамсі пакуль. Але ён мог быць скіраваны і на іншае — якраз на тое, што Ціханоўскі імгненна вернецца ў палітыку, павядзе сваю гульню і пачне рызыкаваць. Што і спраўдзілася.
Гэта і для ўлады гульня не бяз рызыкі. І Лукашэнка, выступаючы на мінулым тыдні, сказаў, што ня ўсе ў яго атачэньні згодныя з вызваленьнем палітвязьняў, у тым ліку (ці найперш) Ціханоўскага.
Паводле зьвестак самога Ціханоўскага, яго вызваленьне выклікала ў сілавікоў шок. Ён спрабаваў яго паглыбіць, паабяцаўшы ў інтэрвію Мелказёраву пасадзіць Лукашэнку на кол. Магчыма, ён спадзяваўся такім чынам выклікаць у сілавікоў роспач. Але як бы гэтым ён ня выклікаў дадатковую злосьць і шчыльнейшае гуртаваньне вакол Лукашэнкі. І жаданьне яшчэ больш саджаць і катаваць.
Гэта асабісты двубой Ціханоўскага з Лукашэнкам
Гэта асабісты двубой Ціханоўскага з Лукашэнкам. За Ціханоўскім — пакуль толькі яго воля і вера ў сябе. За Лукашэнкам, апроч іншага і ці ня ў першую чаргу — Пуцін. Ці дэстабілізуе Ціханоўскі беларускі рэжым за тры тыдні — пытаньне невідавочнае. Але прыкметаў дэстабілізацыі крамлёўскага рэжыму ня бачна ніякіх. Крэмль і ў 2020 годзе быў гатовы дзейнічаць сілай у Беларусі ў выпадку дэстабілізацыі. Зараз гэтая гатоўнасьць не паменшылася.
Сяргей Ціханоўскі прайшоў пякельныя пакуты. І з чалавечага гледзішча можна прынамсі зразумець любыя яго словы і дзеяньні. Але грамадзтва ацэньвае палітыка ня толькі па выпрабаваньнях, якія ён прайшоў. І калі Ціханоўскі-палітык пацярпіць паразу ў змаганьні, якое ён пачаў, заплаціць за гэта давядзецца не яму аднаму.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ціханоўскі на мітынгу ў Варшаве: «Я разбуру гэты рэжым». Фота і відэа ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ціханоўскія ў Вільні. Беларусы, літоўцы і расейцы прыйшлі падтрымаць. ВІДЭА