У Гомельскім раёне дзяцей далучылі да аховы мяжы з Украінай

Скрын з матэрыялу телеканалу СТВ пра дзяцей, якія дапамагаюць памежнікам у Гомельскім раёне

На памежнай заставе «Глыбоцкае» у Гомельскім раёне да назіраньня за сытуацыяй у памежжы з Украінай далучылі школьнікаў.

Як адзначаецца ў матэрыяле дзяржаўнага каналу СТВ, дзеці стварылі добраахвотніцкі атрад і імправізаваны памежны пост, а пасьля гэтага беларускія памежнікі вырашылі іх падтрымаць.

Дзеці штодзень з 9-й раніцы патрулююць ваколіцы і перадаюць памежнікам інфармацыю аб выяўленых падазроных людзях і транспартных сродках.

«Хлопцы сапраўды нам спрыяюць, бо мы можам своечасова адрэагаваць і адпаведна не дапусьціць парушэньня дзяржаўнай мяжы, каб нашы сваякі і блізкія спалі спакойна», — сказаў намесьнік начальніка памежнай заставы «Глыбоцкае» Юры Касьценіч.

Героі матэрыялу апранутыя ў камуфляжнае адзеньне. У аднаго зь іх на фуражцы сьцяг СССР, у іншага на грудзях мэдалі з «георгіеўскай» стужкай і літарай Z, якая зьяўляецца сымбалем расейскай агрэсіі Расеі супраць Украіны. Гэтыя мэдалі падобныя на расейскія ўзнагароды — першы ўручаецца за мужнасьць добраахвотнікам за ўдзел у «спэцыяльнай ваеннай апэрацыі», а другі — за ўдзел у апэрацыі па дэнацыфікацыі і дэмілітарызацыі Ўкраіны.

Ініцыятар стварэньня гэтага атраду школьнік Данііл Чупрыс зьяўляецца ў кадры з зброяй, падобнай на аўтамат АК-74. У тым жа матэрыяле гэты аўтамат дзецям дэманструе памежнік на тэрыторыі заставы.

Аўтары тэлевізійнага матэрыялу сьцьвярджаюць, што школьнікі ня раз «чулі выбухі» па той бок мяжы — ад вёскі Глыбоцкае да мяжы з Украінай «літаральна кілямэтар». Аднак на тым кірунку няма баявых дзеяньняў. Што праўда, пэрыядычна ўкраінскія маніторынгавыя тэлеграм-каналы паведамляюць аб расейскіх дронах, якія пасьля ўзьдзеяньня на іх сродкамі радыёэлектроннай барацьбы перамяшчаюцца ў бок Беларусі.

Памежная застава «Глыбоцкае» месьціцца ў аднайменнай вёсцы ў Гомельскім раёне. Памежнікі гэтай заставы ахоўваюць каля 30 кілямэтраў мяжы з Украінай. У 2021 годзе правялі рэканструкцыю гэтай заставы. Цяпер, як адзначаецца на афіцыйным сайце Дзяржаўнага памежнага камітэту Беларусі, там выкарыстоўваюць «сучасную валаконна-аптычную сыгналізацыйную сыстэму „Ворон“ у комплексе з інтэлектуальнай сыстэмай відэаназіраньня, разумнымі сэнсарамі і іншымі памежнымі сакрэтамі».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «За веру, цара і трыадзіную Русь!» Слонімская брыгада выкарыстоўвае імпэрскія сьцягі, у тым ліку для навучаньня дзяцей
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Марнаваць некалькі месяцаў, каб „пагуляць у армію“». Як працуюць дзіцячыя мэмарыяльныя атрады