У Беларусі мяняюць парадак атрыманьня пэнсіяў, у тым ліку для зьняволеных пэнсіянэраў

Беларускія грошы, ілюстрацыйнае фота

Пасьля ўступленьня ў сілу новага закону выплатамі для зьняволеных пэнсіянэраў будуць распараджацца папраўчыя ўстановы.

Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Беларусі нагадала некаторым катэгорыям грамадзян пра патрэбу адкрыць базавыя рахункі, на якія ім будуць пералічваць пэнсіі, дапамогу на дзяцей ды іншыя сацыяльныя выплаты.

«Тым, хто не дайшоў да банку, мы настойліва рэкамэндуем зрабіць гэта неўзабаве, зьвярнуўшыся яшчэ раз у банк з пашпартам, адкрыць новы рахунак і напісаць адпаведную заяву аб пералічэньні сацыяльнай выплаты на гэты конт», — заявіла начальніца галоўнага ўпраўленьня Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Алена Гомарава.

Падаць заяву на адкрыцьцё рахунку трэба было яшчэ да 20 чэрвеня, нагадалі ў Міністэрстве працы. Калі гэтага не зрабіць, у ліпені выплата грошай для гэтых людзей можа быць спыненая, папярэджваюць чыноўнікі.

У пералік банкаў, якія абслугоўваюць базавыя рахункі, уваходзяць «Белаграпрамбанк», «Беларусбанк», «Банк БелВЭБ», «Белгазпрамбанк», «Белінвестбанк», «Банк Дабрабыт», «МТБанк», «Прыёрбанк», «Сбер Банк» і «Тэхнабанк».

Зьмены ў выплаце пэнсіяў асуджаным

Чакаюцца таксама зьмены ў выплаце пэнсіяў асуджаным на пазбаўленьне волі. Пасьля ўступленьня ў сілу новага закону грашыма такіх пэнсіянэраў будуць цалкам распараджацца папраўчыя ўстановы. Гэта выклікае занепакоенасьць у праваабаронцаў, адзначае DW.

30 чэрвеня 2025 года Савет Рэспублікі ўхваліў зьмены ў закон «Аб пэнсійным забесьпячэньні» ды іншыя нормы, якія тычацца пэнсіянэраў. Плянуецца, што пэнсія асуджанага на пазбаўленьне волі ў поўным аб’ёме будуць паступаць у папраўчую ўстанову, дзе той адбывае пакараньне. Усе неабходныя вылікі з гэтых пэнсіяў, уключаючы кошт утрыманьня ў папраўчай установе, цяпер будзе рабіць папраўчая ўстанова. Рэшта, не ніжэйшая за гарантаваны мінімальны памер пэнсіі, будзе залічвацца на рахунак асуджанага, запэўнівае Міністэрства працы.

Праваабаронцы мяркуюць, што новыя правілы выплаты пэнсіяў зьняволеным пэнсіянэрам могуць парушаць іхныя правы. У прыватнасьці, гаворка пра тых вязьняў, пэнсіі якіх з даверанасьцю цяпер могуць атрымаць іх сваякі на волі.

Паводле праваабаронцы «Вясны» Сьвятланы Галаўнёвай, што будзе з такімі пэнсіямі, пакуль незразумела:

«Гэта быў адзіны варыянт, як зьняволены пэнсіянэр мог перадаць грошы „на волю“, напрыклад, сваякам для аплаты камунальных плацяжоў». Калі атрыманьне пэнсіі па даверанасьці забароняць, то ёсьць верагоднасьць, што да камунальных і іншых плацяжоў асуджаных будзе прымяняцца мэханізм прымусовага спагнаньня запазычанасьцей «з дадатковымі абцяжараньнямі за пратэрміноўку і за работу судовых выканаўцаў».

У інтэрвію DW сузаснавальнік Фонду салідарнасьці BySol Андрэй Стрыжак заявіў, што пасьля ўнясеньня зьмяненьняў у пэнсійнае заканадаўства дзяржаве будзе выгадна «садзіць» пэнсіянэраў і фактычна забіраць іх пэнсію.

Людзі ўсё жыцьцё плацілі ўзносы ў пэнсійны фонд, а зараз ня могуць імі скарыстацца, гэта парушэньне прынцыпу сацыяльнай справядлівасьці, які дэкляраваны ў Канстытуцыі Беларусі, заявіў Стрыжак.

Зьмены ў закон «Аб пэнсійным забяспячэньні» ды іншыя нормы, якія рэгулююць выплаты пэнсій яшчэ не ўступіў у сілу, дакумэнт накіравалі на подпіс Аляксандру Лукашэнку.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пакаяньне за палку каўбасы. Расказваем, як рэжым Лукашэнкі за дапамогу сем’ям палітвязьняў асудзіў 39 чалавек
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вокладка «Vogue», 100-гадовае паліто і каханьне. Гісторыі пра Ніну Багінскую