Ад траўня 2024 году да чэрвеня 2025 быў спынены распаўсюд амаль 8,8 тыс. найменьняў выдавецкай прадукцыі зь «дзяржавы-агрэсара і Рэспублікі Беларусь», паведамляе прэс-служба ведамства. Якая сярод іх доля кніг зь Беларусі, у паведамленьні не ўдакладняюць.
«Пасьля прынятых сумесна з адміністрацыямі плятформаў мераў усе выяўленыя парушэньні былі зьліквідаваныя: забароненая прадукцыя выдаленая, а прадаўцы папярэджаныя аб недапушчальнасьці парушэньня заканадаўства, у прыватнасьці, артыкулу 281 закону Ўкраіны „Аб выдавецкай справе“, — адзначае Дзяржаўны камітэт тэле- і радыёвяшчаньня.
У чэрвені 2023 году прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі падпісаў закон „Аб унясеньні зьменаў у некаторыя законы Ўкраіны пра ўсталяваньне абмежаваньняў на ўвоз і распаўсюд выдавецкай прадукцыі, якая тычыцца дзяржавы-агрэсара, Рэспублікі Беларусь і часова акупаванай тэрыторыі Ўкраіны“. Палажэньні дакумэнту былі імплемэнтаваныя якраз у згаданым камітэтам законе аб выдавецкай справе.
Сярод іншага, Дзяржаўны камітэт тэлебачаньня і радыёвяшчаньня Ўкраіны вядзе „маніторынг выдавецкай сфэры дзяржавы-агрэсара, Беларусі і часова акупаваных тэрыторый Украіны на прадмет выпуску „антыўкраінскай выдавецкай прадукцыі“.
Даныя пра такую прадукцыю ўносяць у „пералік кніжных выданьняў, зьмест якіх накіраваны на ліквідацыю незалежнасьці Ўкраіны, прапаганду гвалту, распальваньне міжэтнічнай, расавай, рэлігійнай варожасьці, зьдзяйсьненьне тэрарыстычных актаў, замах на правы і свабоды чалавека“.
На 3 красавіка 2025 году ў гэтым сьпісе фігуравалі 570 выданьняў, але, згодна з праведзеным „Позіркам“ аналізам, ніводнага зь Беларусі. У Расеі выдадзена 550, Украіне — 7, у „асобных раёнах Данецкай і Луганскай абласьцей“ (АРДЛА) і на „часова акупаванай тэрыторыі Аўтаномнай рэспублікі Крым“ — па 4, сумесна ў РФ і Ўкраіне — 2, у Італіі, Францыі і на „часова акупаванай тэрыторыі Данецкай вобласьці“ — па 1.
Форум